Удзяленне паслуг і сустрэча з Апостальскім Нунцыем

4 сакавіка ў кафедральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне падчас Імшы, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, адбылося ўдзяленне паслуг лектарату і акалітату. У якасці кандыдатаў на прыняцце былі прадстаўлены пяць семінарыстаў: чатыры кандыдаты – да паслугі лектарату і адзін – да паслугі акалітату.

Для кожнага клерыка гэтая чарговая падзея з’яўляецца вельмі важным  і незвычайна адказным крокам ў служэнні людзям і Касцёлу, а таксама на шляху да святарства.

Пасля Святой Імшы адбылася сустрэча выхавацеляў і клерыкаў Вышэйшай духоўнай семінарыі з Апостальскім Нунцыем, падчас якой кожны з прысутных меў магчымасць задаць хвалюючыя пытанні адносна жыцця і дзейнасці Гродзенскага Касцёла, а таксама семінарыйнай фармацыі будучых святароў.

Уся семінарыйная супольнасць бясконца ўдзячна шаноўнаму арцыбіскупу за гэты візіт, за духоўную падтрымку, за той цудоўны дыялог, які, безумоўна, паспрыяе больш глыбокай і якаснай падрыхтоўцы будучых святароў.