Дай Мне піць: велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў нашай семінарыі

(…) Была там студня Якуба. (…) Езус сказаў ёй (самаранцы) у адказ: “Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае”. Жанчына сказала Яму: “Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць”.

Ян 4(6, 13-15)

Велікапосныя рэкалекцыі - гэта бясцэнны Божы дар для тых, хто ад усяго сэрца прагне паглыбіць свае асабістыя адносіны з Хрыстом, хто няспынна спрабуе ў цішы свайго сэрца пачуць далікатны голас Таго, хто надае адзіны сэнс нашаму зямному вандраванню. Час, які дазваляе паглядзець на сябе і на сваё жыццё вачыма, поўнымі бескарыслівай любові і Айцоўскага прабачэння, вачыма, якія цярпліва чакаюць нашага навяртання, вачыма, якія напоўнены выратавальнымі для свету слязьмі нашага ўкрыжаванага Пана, Езуса Хрыста.

З 1 па 4 сакавіка клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перажывалі велікапосныя рэкалекцыі, якія ў гэтым годзе правёў кс. Валерый Быкоўскі. Падчас духоўных практыванняў рэкалекцыяніст паступова ўводзіў будучых святароў у Таямніцу прынятага Хросту, якая з’яўляецца невычэрпнай крыніцай усяго хрысціянскага жыцця. У шматлікіх канферэнцыях закрануў тэмы, якія найбольш хвалююць сучаснага вучня Хрыста, і падзяліўся з семінарыстамі ўласным досведам свайго рознабаковага святарскага служэння.

Ад імя ўсёй семінарыйнай сям’і дзякуем шаноўнаму кс. Валерыю за прысвечаны нам час, за шчырасць і прагненне дзяліцца з іншымі найкаштоўнейшым скарбам у жыцці кожнага святара – досведам асабістага спаткання з Хрыстом,  Спрадвечнай Любоўю.