Адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. Тадэвуша Вышынскага

У 30-ы дзень пасля смерці кс. Тадэвуша Вышынскага ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на Святую Эўхарыстыю, якую ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, прыбылі выкладчыкі і выхавацелі семінарыі на чале з кс. рэктарам Раманам Рачко, клерыкі, сёстры законныя, святары з розных куткоў Беларусі, а таксама працаўнікі Alma Mater, каб памаліцца за святой памяці так блізкага нашаму сэрцу прафесара.

Кс. Тадэвуш Вышынскі на працягу многіх гадоў дапамагаў семінарыстам спасцігаць жыццёвую мудрасць і суправаджаў іх на нялёгкай дарозе да святасці. З’яўляўся для іх знакам вялікай веры і сапраўднага святарскага служэння.

З сыноўскім даверам і адданасцю Богу семінарыйная супольнасць просіць у гэтыя дні, каб Бог адарыў свайго слугу кс. праф. Тадэвуша Вышынскага вечнай радасцю, бляск якой лёгка было заўважыць у вачах святара падчас яго зямной вандроўкі да Нябеснага Валадарства.