Сустрэча міністрантаў адбылася ў сценах нашай Alma Mater

З 6 па 8 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне праходзілі рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню жыццёвага паклікання.

 

Тэма сёлетніх духоўных практыкаванняў гучала так: “...прыйшлі пакланіцца Яму (Мц 2,2)”. З гэтых слоў міністранты чэрпалі святло для супольнага разважання.

Падчас рэкалекцый прысутныя мелі магчымасць адчуць клімат семінарыйнага жыцця, паразмаўляць з клерыкамі і духоўнымі айцамі, узбагаціць свае веды адносна праўдаў веры і малітвы.

Спадзяёмся, што гэты асаблівы час ласкі дапамог міністрантам задумацца над сваім жыццёвым пакліканнем, глыбей пазнаць саміх сябе і аднавіць сувязь з Хрыстом.