Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня 2017 года

Шаноўны ксёндз пробашч!

Ксёндз(ы) Вікарый (Вікарыі), дарагія сёстры  законныя!

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Дарагая моладзь!

Сёння ў каталіцкім Касцёле мы перажываем урачыстасць Аб’яўлення Пана. Рашэннем Яго Эксцэленцыі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча гэтая ўрачыстасць на працягу многіх гадоў у нашай дыяцэзіі цесна звязана з Вышэйшай духоўнай семінарыяй у  Гродне. Сёння біскуп Аляксандр Кашкевіч асабліва просіць усіх вернікаў нашага мясцовага Касцёла  аб малітве ў інтэнцыі нашай Духоўнай семінарыі, за ўсіх клерыкаў, дыяканаў і выкладчыкаў нашай установы,  аб  новых і святых пакліканнях да святарства, а таксама заахвочвае  ўсіх нас да фінансавай падтрымкі нашай альма-матар. З нагоды сённяшняй урачыстасці ксяндзы выкладчыкі, браты дыяканы і клерыкі семінарыі выехалі ў парафіі дыяцэзіі, каб асабіста сустрэцца з Вамі, разам маліцца аб Божым благаслаўленні для ўсіх нас і падзякаваць Вам, мае дарагія, за вашы малітвы і ахвяраванні.

Мае дарагія, сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае нас задумацца аб нашым жыцці. Евангелле нагадвае нам пра  мудрацоў з Усходу, якія становяцца на калені перад Дзіцяткам Езус і прыносяць яму падарункі.

Становячыся перад кім-небудзь на калені, чалавек прызнаецца: Ты з’яўляешся большым, мацнейшым за мяне. Становячыся на ​​калені перад маленькім Дзіцяткам,  мудрацы тым самым хочуць прызнаваць веру: Нованароджаны з’яўляецца кімсьці асаблівым! Дары, якія прынеслі мудрацы, - золата, ладан і міру -  таксама сімвалічныя  і паказваюць Езуса як Валадара Сусвету, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека.

Дарагія браты і сёстры. Сённяшні чалавек, як і 2000 гадоў назад, патрабуе знакаў, каб выявіць і выказаць сваю ўнутраную сутнасць, каб спазнаную праўду перадаць іншым. Уся літургія Касцёла ў яе багацці жэстаў і формаў не паказвае нам нічога іншага, акрамя велічы Бога, а таксама самую вялікую праўду нашай веры: Бог палюбіў нас, і мы,  адчуваючы гэтую любоў, імкнёмся любіць Бога ўсім сэрцам, усёй душой і ўсімі нашымі сіламі. Прыгожая літургія Касцёла, у якой мы ўдзельнічаем, выражае нашу веру ў тое, што Бог у постаці Езуса Хрыста пад выглядам хлеба і віна ёсць сярод нас! Ці ж не павінна гэта напоўніць нашы сэрцы радасцю? Калі чалавек адчувае  ў сваім сэрцы вялікую радасць і любоў, яму часта не хапае слоў, каб выказаць свае пачуцці. Таму, калі мы не знаходзім патрэбных слоў, выкарыстоўваем падарункі, шукаем жэсты і часам спрабуем радасным спевам выказаць тое, што адчуваем. Напоўненыя любоўю да Бога, мы лягчэй заўважаем іншых людзей, якіх сустракаем на дарозе жыцця. Менавіта ад гэтай любові да Бога павінна расці любоў да бліжняга, як да самога сябе. Гэтаму мы павінны вучыцца найперш у нашых сем'ях, гэтаму павінны вучыцца ў касцёле. Папа Францішак сваім вучэннем, адносінамі і клопатам аб найбольш патрабуючых, бедных, пакрыўджаных і няшчасных  вучыць нас, што любоў не павінна праяўляцца  толькі  на словах, але і больш за ўсё –  праз канкрэтныя дзеянні. У сваіх зваротах да  святароў і біскупаў часта нагадвае пра тое, што сённяшні свет патрабуе больш прыхільнасці, пяшчоты, любові. Свет мае патрэбу ў тых, у каго ёсць сэрца, напоўненае агнём любові, у каго ёсць сэрца, якое можа растапіць лёд абыякавасці.

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры, дарагая моладзь. Сённяшні свет мае патрэбу ў новых прапаведніках Евангелля аб любячым і міласэрным  Богу. Не кожны павінен адчуваць пакліканне да святарства або законнага жыцця. Тым не менш, кожны з нас, хто адчувае любоў у  сваім сэрцы, павінен прыкласці ўсе намаганні, каб полымя гэтай любові ў нашым свеце станавілася ўсё мацнейшым.

Дарагія  сёстры, дарагія браты, асабліва наша  моладзь! Яшчэ раз паразважаем над мудрасцю, якая зыходзіць з сённяшняга Евангелля: будзеш шчаслівым, шмат чаго дасягнеш, калі слухаеш голас свайго  сэрца і ўважліва глядзіш на знакі, якія  Бог падае на Тваім шляху.  Мудрацы з  сённяшняга Евангелля сваімі ўласнымі паводзінамі даюць  наступную параду: не гнацца за модай, не паддавацца рэкламе,  не прагнуць выгодаў і дабротаў гэтага свету, а прыслухоўвацца да свайго сэрца, ісці праз жыццё за зоркай, якая называецца ЛЮБОЎ.

Дарагі малады сябар! Калі тваё сэрца, як зіхаценне зоркі, вядзе цябе да стварэння сям’і – ідзі адкрыта праз жыццё, не бойся ўзяць на сябе адказнасць за другога канкрэтнага чалавека. Калі ў сваім сэрцы чуеш ціхі голас, які кліча цябе да наследавання Езуса, да службы Богу і людзям у самотнасці святарскага жыцця – даверся Богу, дай зазіхацець гэтай зорцы, якая носіць назву пакліканне. Вазьмі прыклад з тых мудрацоў, якія, не думаючы аб цяжкасцях шляху, адправіліся ў нязведанае падарожжа, прывабленыя светам незвычайнай зоркі, якая прывяла іх да сустрэчы з народжаным Дзіцяткам.

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры. Давайце дапаможам сёння малітвай нам усім, асабліва маладым людзям, якія стаяць перад выбарам жыццёвага шляху, даверыцца Богу і быць праведзенымі зоркай да спаткання з Богам ў Нованароджаным Езусе. Не бойцеся  падымаць тэму паклікання ў  сем'ях  са сваімі сынамі, унукамі. Няхай нашае жыццё, напоўненае  радасцю Евангелля,  будзе заахвочваннем і зоркай для іншых, якая прывядзе да Езуса.

У заключэнне дазвольце мне,  як рэктару,  ад імя ўсёй нашай семінарыйнай супольнасці ў Гродне праз пасрэдніцтва гэтага ліста падзякаваць Вам  за вашыя малітвы,  за ўсё добрае, што робіце для нас, а таксама за матэрыяльную дапамогу, якую складаеце на ўтрыманне нашай семінарыі. Памятайце, што малітва за  працаўнікоў на жніве Пана, а таксама дапамога на ўтрыманне тых, хто хоча ахвяраваць сваё жыццё для абвяшчэння Евангелля,  – гэта наш агульны абавязак.

Са свайго боку я абяцаю  вам нашу малітву ва ўсіх вашых інтэнцыях. Святая Імша за Ахвярадаўцаў і Дабрадзеяў семінарыі адпраўляецца ў дні апекуноў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама  ў апошні дзень кожнага месяца ў нашай семінарыйнай капліцы.

Няхай усіх Вас благаславіць народжаны Месія, Езус Хрыстус, наш Брат і Збаўца. Амэн.

Гродна, 03.01.2017                               Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне

Кс.др Раман Рачко