Сведчанне Дыякана аб сваім пакліканні

                                                    дк. Аляксандр Багдановіч

            Цяжка гаварыць аб сваім прызванні да святарства, бо яно, як заўважыў Божы Слуга Ян Павел II, з'яўляецца дарам і таямніцай. Прызванне - гэта таямніца Божага выбару: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў вас на тое, каб вы ішлі і плён прыносілі, і каб плён ваш трываў» -гаворыць Езус.

                Бог паклікаў чалавека не на падставе яго ўласных чынаў, але ў адпаведнасці з уласнай пастановай і ласкай. Можна прачытаць у кнізе прарока Ераміі: «Перш чым уфармаваў цябе ва ўлонні маці, я знаў цябе, прарокам для народаў прызначыў цябе». Бог, прызываючы маладога чалавека, выкарыстоўвае розныя спосабы. Чалавек можа мець зусім іншыя планы ў сваім жыцці, можа марыць аб уласнай сям'і, аб добрай працы, але раптам яго мары змяняюцца, штосьці ўнутры не дае яму супакою, штосьці гаворыць, што маючы ўсё гэта - ты не будзеш цалкам шчаслівы, але пайдзі за Хрыстом - Ён пакажа табе паўнату шчасця.
            Распазнаць маё пакліканне да святарства мне дапамаглі бацькі, якія мяне, малога хлопчыка, вялі кожную нядзелю ў касцёл. Калі б не яны, адкуль я мог бы даведацца, кім ёсць Бог? Што такое касцёл? Я не ведаў бы, што існуе катэхізацыя пры касцёле.
             Калі я быў невялікім хлопчыкам і хадзіў з бацькамі ў касцёл, то любіў стаяць уперадзе, ля баляскаў. Мне вельмі падабалася літургічнае адзенне святара. Нават аднойчы, калі ксёндз вяртаўся ў закрыстыю, я злавіў яго за арнат, памятаю і цяпер усмешлівы твар пробашча, які падышоў і пагладзіў мяне па галаве. 3 таго часу ўва мне загарэлася жаданне быць міністрантам. Я стаў ім у 6 гадоў і вельмі любіў выконваць гэтыя функцыі, прыслужваючы святару ля алтара. Тады з’явілася ўва мне мара: стаць ксяндзом. Калі ж я падрос, то гэтая думка пачала пакідаць мяне, з'яўляліся іншыя планы ў жьцці, хоць я і далей заставаўся міністрантам. Раптам дзесьці ў 9 класе дзіцячыя мары пачалі вяртацца да мяне з большай сілай. Усё больш часу я праводзіў у касцёле, усё часцей і адначасова больш глыбей у духоўным плане ўдзельнічаў у св. Імшы. У Божым Слове я знаходзіў адказы на мае розныя праблемы. Я пачаў чытаць Святое Пісанне. Калі ж я чытаў у касцёле Святое Пісанне, то адчуваў унутраную радашь, што мог дзяліцца Божым Словам з іншымі людзьмі.

                Заканчваючы сярэднюю школу, калі патрэбна было выбраць жыццёвы шлях, аднойчы я ўдзельнічаў у св. Імшы і пачуў у Евангеллі словы Хрыста, якія глыбока запалі ў маё сэрца: «Жніво - вялікае, але работнікаў - мала, таму прасіце Гаспадара Жніва, каб Ён прыслаў работнікаў на сваё жніво». З таго моманту думка аб Духоўнай Семінарыі яшчэ больш укаранілася ўва мне. Я пачаў маліцца да Бога, каб той шлях, якім я жадаю крочьшь, быў маёй дарогай. З гэтай інтэнцыяй не адзін раз я хадзіў у паломніцтва ў санктуарый імя Божай Маці ў Тракелі і вельмі веру ў тое, што Божая Маці ўпрасіла для мяне гэтую ласку ў Свайго Сына. Пасля заканчэння сярэдняй школы я паступіў у Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гродне.

                Сёння, вучачыся на 6 курсе вышэй згаданай установы і на працягу жыцця, ад  усяго сэрца, поўнага радасці, я прагну падзякаваць Богу за ўсе ласкі, а асабліва за тое, што Ен выбрау і паклікаў мяне, што Ён хоча паставіць мяне слугой Яго Слова і Яго Алтара - Дыяканам святога каталіцкага Касцёла.

               Я вельмі рады, што будучы дыяканам, я магу абвяшчаць навуку Змёртвыхпаўсталага Езуса ўсім людзям!