Аб веры ў Бога - Старонка міністранта

    У сучасным свеце існуе меркаванне, што верыць ў Бога не модна і без Яго таксама можна жыць. У дваццаць першым стагоддзі вельмі цяжка знайсці час на малітву, на размову з Богам. А многія людзі так і жывуць. Але ці гэта сапраўднае жыццё ў шчасці і гармоніі?

    Кожны хрысціянін ведае, што чалавек створаны па вобразу і Божаму падабенству. Гэты вобраз Бога ў чалавеку быў сапсаваны першародным грахом. Але ў Езусе Хрысце, нашым Адкупіцелю, вобраз Бога быў адноўлены ва ўсім харастве. Ахвяра Божага Сына абавязвае кожнага разумнага чалавека быць верным і ўдзячным Езусу Хрысту на працягу ўсяго жыцця. Але многія гэта не разумеюць, таму і адыходзяць ад Бога, выбіраючы прапановы д’ябла.

    Існуюць людзі, якія і хацелі б пазнаць Бога, але ўмовы, у якіх яны выраслі і выхоўваліся, былі не вельмі спрыяльныя для гэтага. І таму ім патрэбна дапамога. Такой дапамогай для іх з’яўляюцца прыклады святых, сёстры з розных ордэнаў, святары, але не толькі яны. Кожны чалавек, які верыць ў Бога, можа дапамагчы пазнаць Яго і іншаму. Да такіх людзей смела можна аднесці і міністранта. Міністрант – гэта асоба, якая павінна сведчыць аб Богу сваім жыццём не толькі ў касцёле, але і ў штодзённым жыцці.


   Пакліканне быць міністрантам.

    Кожны чалавек, які атрымаў ад Бога дар жыцця, атрымаў таксама і пакліканне. Адзін - атрымаў прызванне быць ўрачом, другі – настаўнікам, трэці – вадзіцелем. Існуюць таксама пакліканні да жыцця ў сям’і, быць святаром або сястрой якога-небудзь ордэна. Мне здаецца, што быць міністрантам – гэта таксама пакліканне. Кожны з нас ведае, што не ўсе могуць служыць пры алтары падчас Святой Імшы. Каб быць міністрантам, трэба выканаць некалькі вельмі важных абавязкаў: трэба быць ахрышчаным, верыць ў Бога і ў тое, што падчас Эўхарыстыі да нас прыходзіць сам Божы Сын, а таксама трэба быць верным Богу ў сваім жыцці. Кожны міністрант атрымаў ад Бога вялікі дар, а з гэтага выплывае шмат абавязкаў. Як мы гаварылі трохі раней, міністрант – гэта сведак. Ён не можа стаяць на вуліцы са сваімі сябрамі і курыць, не можа ў сваіх размовах ужываць вульгарныя словы, бо тым самым ён здрадзіў бы Бога, здрадзіў бы свайму выбару быць міністрантам, а гэтым даў бы дрэнны прыклад іншым людзям.

    Калі людзі прыходзяць ў касцёл на Святую Імшу і прыводзяць сваіх дзяцей, то вельмі часта ставяць міністрантаў у якасці прыкладаў для іх. Яны гавораць, што трэба быць такімі, як яны: веруючымі, добрымі, паслухмянымі. І таму калі міністрант будзе добрым, паслухмяным і веруючым толькі ў касцёле, а на вуліцы - зусім іншы, то дзеці, якія будуць на яго раўняцца, добраму не навучацца.

    Таму, дарагія міністранты, калі вы аднойчы прынялі Божае запрашэнне служыць ў касцёле, то будзьце вернымі Богу заўсёды і ўсюды, каб вы сапраўды былі ўзорам рэлігійнага жыцця для іншых людзей.

   Функцыі міністранта

    У гэтым раздзеле я хацеў бы расказаць аб паслузе міністранта ў касцёле і аб функцыях, якія ён можа выконваць. Усе функцыі, якія адносяцца да паслуг ніжэй д’якана, могуць быць выкананы свецкімі мужчынамі. У гэтым нумары я раскажу пра функцыі цырымонія, аколіты і міністранта крыжа.


   Цырымоній

    1. Праводзіць рэпетыцыі з групай, якая служыць пры алтары.

    2. Сочыць за правільным выкананнем функцый падчас Імшы і за паводзінамі міністрантаў.

    3. Абслугоўвае мікрафон (уключае, рэгулюе, пераносіць)

    4. Устанаўлівае парадак працэсіі на пачатку і пасля Святой Імшы

    5. У закрыстыі перад Імшой падае каманды: “Да парадку”, “Памолімся”, “Успамога наша ў імені Пана”. Усе адказваюць: “Які сатварыў неба і зямлю”. Пасля св. Імшы ён гаворыць: “Благаславім Пана”. Усе адказваюць: “Дзякуем Пану Богу”.


   Аколіта

    Аколіта, назначаны біскупам, можа выконваць розныя функцыі. Калі няма д’якана, аколіт раскладвае на алтары карпарал, пурыфікатар і ставіць келіх. Затым, калі трэба, дапамагае святару адбіраць дары падчас працэсіі. Таксама падае святару кадзідла і дапамагае ў акаджэнні алтара і дароў, якія на ім знаходзяцца. Аколіт мае права раздаваць Камунію, а пасля яе дапамагчы святару (пры адсутнасці д’якана) ачышчаць святыя начынні.


   Міністрант крыжа

    Першай задачай міністранта крыжа з’яўляецца апека аб крыжы. Міністрант не можа несці ў працэсіі брудны, запылены або зломаны крыж. У працэсіі выкарыстоўваецца крыж, які называецца ”працэсійны”. Крыж трэба несці дзвюма рукамі. Фігура Езуса заўсёды павінна быць накіравана ў напрамку працэсіі. Міністрант нясе крыж за кадзідлам. Па баках ад крыжа ідуць міністранты са свечкамі. Функцыя міністранта крыжа вельмі важная, таму выконваць яе можа толькі чалавек, які можа служыць прыкладам для іншых, прыкладны і старанны.


    ХВАЛА ХРЫСТУ!                                                                                                                                  Працяг аб чарговых функцыях - у наступным нумары.

кл. Максім Кажарновіч