Ансамблю “Ave” – 15 гадоў!

Кожны юбілей з’яўляецца цудоўнай нагодай прыгадаць сабе папярэднія гады жыцця і дзейнасці. У 2008 г. свой 15-ці гадовы юбілей адзначае ансамбль “Ave” Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне.

 

Пра паўстанне і першыя гады існавання калектыву мы папрасілі расказаць ксяндза Рамана Катлімоўскага, тагачаснага прэфекта семінарыі.

Якая была рэакцыя ксяндза на прапанову клерыкаў заснаваць калектыў і як ён паўстаў?

- На такую прапанову быў дадзены пазітыўны адказ, бо была гэта творчая ініцыятыва. Алюмны хацелі вучыцца даходзіць да людскіх сэрцаў з Евангеллем песенькамі, якія адлюстроўваюць радасць. Ім было падкрэслена, што гэта не можа быць звыклы эстрадны калектыў, клерыкі павінны былі ўсведамляць, што іграць трэба перш за ўсё, каб уздзейнічаць на слухачоў у духоўным плане. Часам існавалі “перашкоды”, але гэта былі пачаткі семінарыйнай дзейнасці, у нас праводзіўся рамонт, не было вельмі шмат матэрыяльных сродкаў. Усё ж знайшліся людзі, якія дапамаглі купіць інструменты і музычны рыштунак. Дзякуючы Божаму Провіду калектыў пачаў існаваць.

Як новы ансамбль быў прыняты клерыкамі?

З вялікай радасцю. Радавалася ўся семінарыйная супольнасць. Калі выйшла ў свет першая касета, амаль у кожным пакоі можна было пачуць песенькі ансамбля “Ave”.

Скажыце, калі ласка, як быў прыняты калектыў тымі, да каго перш за ўсё былі накіраваны словы песні – моладдзю?

Першае выступленне калектыву адбылося падчас штогадовых сустрэчаў моладзі (якія былі арганізаваны з 1992 г.) ў парафіі Ліда-Фара ў 1994 г., дзе была цэлебравана св. Імша на стадыёне. Цяжка было выразіць тыя пачуцці, з якімі ансамбль быў прыняты моладдзю. Несамавітая радасць, чэргі па аўтографы, якім, здавалася, не было канца. Шчыра гаворачы, мяне як прэфекта гэта крыху скрабло па душы, але клерыкі цудоўна прадстаўлялі духоўную семінарыю.

Ці старэйшыя людзі падзялялі радасць моладзі ці яны мелі зусім іншую думку наконт гэтага?

Kалі я прайшоўся сярод старэйшых асобаў і запытаў, як яны сябе адчуваюць у такім рытме і ці гэта не перашкаджае ім маліцца, то яны адказалі, што не перашкаджае. Старэйшыя цешыліся з таго, што столькі радаснай, добрай моладзі малілася.

Скажыце, калі ласка, якая на вашу думку місія ансамбля “Ave” сёння?

Пры такой колькасці розных ансамбляў місія семінарыйнага калектыву- распаўсюдзіць такі стыль ігры на музычных інструментах і спеваў, каб сфарміраваць добрага хрысціяніна. Я мяркую, што заўжды павінна гучаць рэха навучання св. Паўла: “Абвяшчайце Евангелле з радасцю!”

Сваімі ўспамінамі пра пачатак дзейнасці ансамбля падзяліўся з чытачамі таксама ксёндз Уладзімір Гуляй, заснавальнік і адзін з першых удзельнікаў “Ave”.

- Яшчэ перад заснаваннем калектыву мы з клерыкамі ўдзельнічалі ў сустрэчах з моладдзю, спяваючы песенькі пад гітару. Потым, дзякуючы старанням кс. Рамана Катлімоўскага, нашага прэфекта, былі набыты музычныя інструменты. Мы выступалі ў з’ездах моладзі, паломніцтвах, парафіядах. Назвай “Ave” (Вітай) мы хацелі даверыць семінарыйны ансамбль асаблівай апецы Найсвяцейшай Марыі Панны. У 1995 г. у Беластоку была запісана першая касета пад назвай: “Адкрый, Пане, сэрца маё”.

Сапраўды музыка з’яўляецца добрым спосабам абвяшчаць Евангелле як сярод моладзі, так і сярод старэйшых. Мы гэта добра разумелі, таму, па-моему, з дапамогай Божай ласкі калектыў пачаў існаваць. 

Пра тое, чым жыве ансамбль сёння, а таксама пра планы на будучыню нам раскажа клерык Ян Коўш, бас-гітарыст і адказны за ансамбль “Ave”.

Якія пачуцці пануюць сярод удзельнікаў калектыву падчас канцэртаў?

Перш за ўсё радасць, як і гордасць, мы ж з’яўляемся прадстаўнікамі духоўнай семінарыі. Вельмі часта гэта залежыць ад настрою людзей, якія нас слухаюць. Заўжды прыемна, калі вернікі актыўна ўдзельнічаюць у канцэрце, дапамагаюць нам спяваць.

Вы дзеліце канцэрты на менш ці больш паспяховыя?

- Не, паколькі нашыя выступленні не з’яўляюцца паказчыкамі нашых уменняў, але перш за ўсё - малітвай. Святы Аўгустын сказаў, хто спявае, той двойчы моліцца. Незалежна ад надвор’я ці ад колькасці людзей нашыя канцэрты заўжды з’яўляюцца малітвай, а малітва не можа быць няўдалай.

З якімі праблемамі сутыкаецца сёння ансамбль “Ave”?

- Я думаю, што найбольшая праблема – частая змена складу ансамбля з-за заканчэння семінарыі яго ўдзельнікамі. Але Божы Провід так робіць, што заўсёды знойдзецца таленавіты клерык, каб замяніць таго, хто выбыў з калектыву.

Дзе пераважна адбываюцца вашыя канцэрты?

- Гэта перш за ўсё паломніцтвы, сустрэчы з моладдзю, з міністрантамі ці парафіяльныя ўрачыстасці, але не толькі. Мы былі не адзін раз у Польшчы, а вясной 2008 г. удзельнічалі ў малітоўным чуванні моладзі ў Мінску, летам выступалі ў Літве.

Ці з’явіліся за 15 гадоў існавання ансамбля “Ave” новыя традыцыі?

- Так. Да іх можна залічыць тое, што свае канцэрты мы пачынаем ад Марыйнай песенькі. У нашым рэпертуары ёсць песні, якія гучаць падчас кожнага выступлення, такія як: “Да неба”. “Прызванне” ці “Стук, стук”.

Якія ёсць у вас планы на будучае?

- Наогул, мы не маем планаў на далёкае будучае. Цяпер семінарысты падрыхтоўваюцца выехаць у Польшчу, а таксама – да канцэрту на ўрачыстасць Хрыста-Валадара. Мы памятаем заўжды, што наша мэта – абвяшчаць Евангелле простымі вясёлымі песенькамі і верым, што нас у гэтай справе падтрымлівае Бог і Беззаганная Марыя, заступніца нашай семінарыі.

Жадаем усім удзельнікам ансамбля з нагоды юбілею ўсіх Божых ласкаў, натхнення Святога Духа і што важна: мноства людскіх сэрцаў, якія будуць адкрыты на Хрыстовае Евангелле, якое выражаецца прыгожым спевам і цудоўнай ігрой на музычных інструментах.

кл. Павел Эйсмант