ПАМЯТАЮЧЫ ПРА ТЫХ, ХТО АДЫШОЎ

    Пасля ўрачыстасці Усіх Святых 2 лістапада мы ўспамінаем усіх памерлых вернікаў. Гэты дзень называем яшчэ днём Задушных (Дзяды). Ён злучаны сэнсава з папярэдняй урачыстасцю – Усімі Святымі і адлюстроўвае перакананне пра еднасць святых, змёртвыхпаўстанне цел і пра вечнае жыццё, а таксама пра эфектыўнасць заступніцкай малітвы.
    Звычай прысвяціць адзін дзень памяці ўсім памерлым нарадзіўся ў кляштарных асяроддзях. Святы Мадыльён, абат з Клюны (994 – 1048) выдаў дэкрэт для сваіх падуладных, каб дзень, які наступае пасля Усіх Святых, быў днём ушанавання памерлых і каб малітвы чыталі за душы, якія знаходзяцца ў чысцы. Кляштарны звычай прывіўся ва ўсеагульным Касцёле ў XII ст. Не ўсе памерлыя цешацца аднолькавым вечным шчасцем. А каб памерлыя маглі радавацца раней агляданнем Бога, Касцёл прыходзіць ім на дапамогу, асабліва дзякуючы Эўхарыстычнай Ахвяры, якая складаецца за іх 2 лістапада.
    Малітва за памерлых можа мець іншае вымярэнне: атрымаць адпуст, які (інакш гаворачы) з’яўляецца дараваннем кары за грахі, якія былі ўжо адпушчаны. Кожны грэх вядзе да падвойнага выніку: віны і кары. Адпушчэнне віны адбываецца звычайна ў сакрамэнце Пакуты і Паяднання, дзякуючы навяртанню ці свядомаму і вольнаму вяртанню чалавека да Бога з-за таго, што людская асоба парвала з грахом, адвярнулася ад зла і жадае і пастанаўляе змяніць сваё жыццё і спосаб мышлення. Бог прабачае віну чалавеку, але не вызваляе яго ад балючых вынікаў граху: “Бог міласэрны і літасцівы..., які прабачае подласць і нявернасць, грэх, але не астаўляе яго без пакарання, але ссылае кары за подласць бацькоў на сыноў і ўнукаў аж да трэцяга і чацвёртага пакаленняў” (Зых 34, 6 – 7). “Пакуты і прыгнёт на кожную душу для людзей, што чыняць ліха” (Рым 2, 9).

 

 Прыведзеныя вытрымкі са Святога Пісання пацвярджаюць праўду, што не зважаючы на прымірэнне чалавека з Богам у сакрамэнце Пакуты, грэх астаўляе пэўныя трывалыя негатыўныя вынікі, з якіх трэба ачысціцца. Шчодрая скарбніца адпустаў Касцёла служыць менавіта пазбаўленню ад караў.

    Варта выкарыстаць час у гэтыя дні, калі ёсць магчымасць атрымаць адпуст, пайсці на могілкі, на магілу, якую раней прывялі ў парадак, і запаліць на ёй свечку. Можа гэта быць нават забытая і невядомая для нас магіла. Але як хрысціяне мы павінны паклапаціцца пра яе. Бо тыя, хто адышоў да Бога, стваралі перад намі гісторыю. Але, калі мы не памятаем пра гэтых людзей, то гэта вядзе да сцірання ўласнай самасвядомасці і пачуцця сувязі з акрэсленым месцам на зямлі. Трэба памятаць, што маліцца за памерлых патрэбна не толькі ў гэтыя восем дзён. На працягу ўсяго нашага жыцця трэба маліцца за іх, каб хто-небудзь пасля нашай зямной вандроўкі да Бога ўспомніў у сваёй малітве і пра нас.
    Таямніца еднасці святых – гэта ўзаемаабмен малітвамі, якія заносяцца да Бога святымі ў небе; душамі, якія пакутуюць у чысцы, вернікамі на зямлі – належыць да самых прыгожых Божых таямніцаў. Яна нагадвае нам, што мы ўсе – адна сям’я, якую нават смерць не можа разлучыць. Нашыя памерлыя, якія прайшлі час выпрабаванняў і цешацца вечнай хвалой, няхай будуць для нас прыкладам, каб мы маглі пераадолець вялікія супярэчнасці і апынуцца ў іх асяроддзі.

кл. Ян Коўш