музычны гурт "AVE"

Семінарыйны музычны гурт "AVE" быў заснаваны ў 1993 годдзе і ад таго моманту з'яўляецца важнай часткай семінарыйнай супольнасці.

Цяжка ўявіць сабе чалавека, які б не любіў спеў і музыку. Сённяшняя музычная культура вельмі разнастайная. Яна можа дапамагчы задумацца над сваім жыццём, а можа заглушаць унутраны голас; яна можа супакоіць чалавека, даць яму адпачыць, а можа раздражняць. Сярод гэтага ўсяго ёсць таксама месца для рэлігійнай музыкі і спеву, якія не толькі павінны дапамагаць у паглыбленні ўнутранага супакою, але таксама з'яўляюцца момантам малітвы ("Той, хто спявае, два разы моліцца" - св. Аўгустын). Такім прыкладам спеву-малітвы з'яўляюцца псальмы, якія мы можам знайсці ў Святым Пісанні. Музыка і спеў з'яўляюцца таксама важнай часткай Літургіі.

Удзельнікі семінарыйнага музычнага гурта, які прызваны дапамагаць людзям у праслаўленні Бога, дзеляцца сваімі талентамі, якія ім даў Бог. Ад 1993 года ўжо не адзін раз змяніліся ўдзельнікі гурта "AVE", але галоўная мэта існавання гурта застаецца тая самая - праслаўленне Бога. Безумоўна, цяжка захаваць адзін стыль або адзін прафесійны ўзровень выканання песняў, але больш важна, каб заўсёды захавалася галоўная мэта і імкненне выканаць па меры атрыманага ад Бога таленту.

Ад свайго заснавання семінарыйны гурт "AVE" (назва гурта з лацінскай мовы пераводзіцца як радаснае прывітанне: "Вітай"; гэтым прывітаннем распачаў абвяшчэнне падчас Звяставанне Арханёл Габрыэль) прымаў у шматлікіх малітоўных спатканнях нашай дыяцэзіі: гэта і спатканні моладзі нашай дыяцэзіі, і ўрачыстасці ў Тракелях, і канцэрты ва ўрачыстасці Хрыста - Валадара сусвету і Аб'яўленне Божае, а таксама іншыя канцэрты ў музеі рэлігіі і іншых месцах. Падчас усіх гэтых спатканняў удзельнікі гурта дзяліліся сваёй верай, імкненнем праслаўляць Бога і талентам да музыкі і спеву, які ім даў Бог.

Апрача канцэртаў гурт "AVE" запісаў таксама некалькі музычных альбомаў, у склад якіх таксама ўвайшлі ўтворы напісаныя самымі ўдзельнікамі гурта.

Запрашаем не толькі на нашыя канцэрты, але таксама слухаць рэлігійную музыку ў сваіх  дамах, сем'ях.

Няхай Імя Божае будзе заўсёды праслаўлёна.